АПТЫ́ЧНАЯ ЛАКА́ЦЫЯ,
выяўленне аддаленых аб’ектаў, вызначэнне іх месцазнаходжання, геам. памераў і скорасці руху з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (1014—1015 Гц). Бывае пасіўная (пры ўласным выпрамяненні аб’екта) і актыўная (лазерная; пры адбіцці ад паверхні аб’екта выпрамянення лакацыйнай станцыі). Крыніца эл.-магн. выпрамянення для зандзіравання — лазер. Аптычная лакацыя адрозніваецца высокай раздзяляльнай здольнасцю (да доляў метра), высокай дакладнасцю ў вызначэнні вуглавых каардынатаў (да адзінак вуглавых секундаў) і скорасці аб’екта. Выкарыстоўваецца ў паветр. і касм. навігацыі, ваен. справе (навядзенне ракет, снарадаў), астраноміі (аптычная лакацыя планет), для даследавання стану атмасферы, дакладнага картаграфавання паверхні Зямлі, Месяца і інш.
Літ.:
Лазерная локация. М., 1984.
Я.В.Алішаў.
т. 1, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)